Этнаграфічныя даследаванні і вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны сваёй мясцовасці заўсёды з’яўлялася адным з асноўных напрамкаў дзейнасці ўстаноў клубнага тыпу. І сёння не ў меншай ступені работнікі культуры надаюць увагу адраджэнню і захаванню беларускіх каляндарна-абрадавых свят, фальклорнай песеннай спадчыны, забытых промыслаў і народных рамёстваў. Сёння акцэнт робіцца на тое, каб назапашаныя матэрыялы і прадметы народнай культуры больш актыўна выкарыстоўваць у практыцы работы устаноў. У тым ліку і праз стварэнне этнакуткоў, дзе наглядна можна пазнаёміцца з традыцыйнай культурай і жыццём нашых продкаў.
Ва установах культуры Драгічынскага раёна абсталявана 5 этнаграфічных пакояў і 8 этнаграфічных куткоў, дзе захоўваюцца прадметы побыту, народных рамёстваў, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Асноўная мэта стварэння этнічных куткоў – выхаванне любові да роднага краю, развіццё традыцыйнай культуры і захаванне мясцовых традыцый. Асабліва важна гэта для падрастаючага пакалення, якое павінна вывучаць гісторыю сваёй радзімы, беражліва і паважліва ставіцца да памяці продкаў. Зварот да мінулага спрыяе развіццю нацыянальнай ідэнтычнасці.
Праз стварэнне этнакуткоў мы можам прадэманстраваць для маладога пакалення самабытнасць і ўнікальнасць старадаўняга побыту і культурных традыцый, якія панавалі ў той ці іншай мясцовасці, Плануецца, што этнакуткі не будуць несці толькі функцыю музейных экспазіцый, а стануць “жывымі” цэнтрамі, якія будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах фальклорнага і абрадавага характару.