Народны аркестр народных інструментаў «Роднасць»

Год стварэння: 1972

Год прысваення звання «народны»: 1985

Кіраўнік: Падлужная Іна Канстанцінаўна
Тэлефон: 3-67-04, 8 029 258 51 74

Аркестр народных інструментаў створаны ў 1970 годзе. Удзельнікамі гэтага калектыву сталі настаўнікі музычнай школы. Стваральнікам і першым кіраўніком аркестра быў Карнічэнка Рыгор Лявонцьевіч. Аснову рэпертуару калектыву ў той час складалі апрацоўкі рускіх і беларускіх народных песень.

Паступова калектыў павялічваўся, у склад аркестра ўводзіліся новыя інструменты, рэпертуар абнаўляўся інструментальнымі творамі. У 1985 годзе калектыву было прысвоена званне «народны». Кіраваў аркестрам у той час Федзюковіч Анатоль Анатольевіч. У 1987 годзе аркестр заняў 2-е месца ў абласным конкурсе аркестравых калектываў, а таксама ўдастоены звання лаўрэата II Усесаюзнага фестываля народнай творчасці. З удзелам калектыву запісваецца праграма на абласным тэлебачанні.

З 1994 года мастацкім кіраўніком народнага аркестра народных інструментаў з’яўляўся Сіліч Мікалай Дзям’янавіч - самадзейны кампазітар і аранжыроўшчык. Дырыжорам працавала Мемех Алена Паўлаўна. Рэпертуар абнавіўся меладычнымі, самабытнымі творамі.

У дзеючы склад аркестра ўваходзяць 3 баяны, акардэон, 3 малыя домры, 4 домры альт, 1 балалайка прыма, 2 балалайкі секунда, 2 балалайкі альт, 2 скрыпкі, 2 цымбалаў прыма, бас-гітара, а таксама ўдарныя і шумавыя інструменты.

З 1998 года аркестрам кіруе Падлужная Іна Канстанцінаўна. Неаднаразова аркестр прадстаўляў Драгічынскі раён на розных фестывалях, аглядах і конкурсах. У лістападзе 1999 года калектыў прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 60-годдзю Брэсцкай вобласці. У 2000 годзе - у запісу на абласным тэлебачанні творчага вечара паэта М.М.Трафімчука - члена саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, а ў снежні 2001 года - у запісу творчага вечара М.Д.Сіліча. Вясной 2004 года аркестр стаў дыпламантам VII Рэспубліканскага агляда метадычнай і творчай работы выкладчыкаў школ мастацтваў. Двойчы аркестр удзельнічаў у свяце – конкурсе інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп» у г.Пружаны Брэсцкай вобласці, дзе быў адзначаны Дыпломамі II ( 2015г.) і III (2018г.) ступеней. У красавіку 2017 года стаў лаурэатам I ступені на міжнародным форуме народнай музыкі і фальклору ў горадзе Мінску. 3 верасня 2016 года народны аркестр народных iнструментаў «Роднасць» прыняў удзел у абласным свяце-кірмашы працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі», які адбыўся ў г. Драгічыне. Прымаў удзел у абласных мерапрыемствах, прысвечаных Дню настаўніка і Дню работнікаў культуры. У 2017 годзе вялікім сольным канцэртам адзначыў свае 45-годдзе.

У цяперашні час рэпертуар калектыву складаецца з твораў кампазітараў-класікаў, беларускіх кампазітараў: Я. Глебава, І. Лучанка, Ю. Семянякі і іншых, сучасных папулярных твораў, апрацовак народных мелодый, акампаніментаў салістам-інструменталістам і вакалістам. Адметнае месца ў рэпертуары калектыву адводзіцца песням і рамансам, а таксама самабытным інструментальным і вакальным творам былога кіраўніка аркестра, самадзейнага кампазітара М.Сіліча. Сярод іх найбольш падабаюцца слухачам «Весенняя капель», «Таполя», «Рыгорка», «Драгічынскі вальс».

Супрацоўнічае калектыў з былым выпускніком школы, Авадком Сяргеем Сяргеевічам, мастацкім кіраўніком аркестра рускіх народных інструментаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У сваім рэпертуары аркестр школы мае некалькі аранжыровак народных песень і інструментальных твораў Авадка С.С.

Народны аркестр вядзе актыўную канцэртную, культурна-асветніцкую дзейнасць.Традыцыйным стаў удзел аркестра ў гарадскіх канцэртах, прысвечаных Дню жанчын 8 Сакавіка, Дню Перамогі, Дню вызвалення г.Драгічына. Удзельнічае аркестр у «Калядных канцэртах» у гарадскім Доме культуры. Тройчы ўдзельнічаў у дабрачынных канцэртах «Ад сэрца да сэрца» ў падтрымку будаўніцтва храма ў гонар нашай святой заступніцы, прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Драгічыне. Традыцыйнымі сталі канцэрты аркестра ў агульнаадукацыйных школах раёна і школах мастацтваў вобласці (Бяроза, Пінск, Кобрын). Добрыя ўражанні засталіся ў слухачоў пасля выступлення аркестра для працаўнікоў Беларускай АЭС у горадзе Астравец ў сакавіку 2019г.

Вялікую ролю ў папулярызацыі вакальнага мастацтва выконваюць салісты-вакалісты аркестра: М. Ільютка, Д. Філін, К. Максімовіч, Т. Субоцька, Н. Пацеюк, Ю. Собаль, В. Біч, Р. Крэйдзіч, М. Качаноўская, Н. Моцык і іншыя, якія дэманструюць добры густ і высокі прафесіяналізм.

Калектыў аркестра працуе над павышэннем свайго выканальніцкага майстэрства, мае ўзнагароды ад кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Драгічынскага райвыканкама і Брэсцкага аблвыканкама. У студзені 2019 года у чарговы раз пацверджана званне «народны». Аркестр імкнецца ўнесці свой уклад у скарбніцу народна-інструментальнага мастацтва. Неаднаразовыя рубрыкі, размешчаныя ў раённай газеце і на тэлебачанні, сведчаць аб шырокім грамадскім прызнанні дасягненняў калектыву.

Последняя новость

ИДЁТ НАБОР!
2024-05-18 7
ГУО "Дрогичинская детская школа искусств" объявляет набор учащихся в подготовительную группу!
Перейти >>

Поиск новостей